ЛІ́НЬКА,
перыядычная змена вонкавага покрыва ў жывёл. Бывае ўзроставая (у першапачатковыя перыяды жыцця), сезонная (у пэўныя сезоны года) і пастаянная (на працягу жыцця). Рэгулюецца гармонамі. Надыход Л. залежыць ад стадыі развіцця, узросту, гарманальнага стану арганізма, умоў навакольнага асяроддзя (т-ра, фотаперыяд і інш.). Для беспазваночных характэрна ўзроставая Л. (у асноўным у членістаногіх): лічынка скідае старое покрыва (кутыкулу) і замяняе яго новым. У насякомых колькасць Л. бывае ад 3 (мухі) да 30 (аўсянікі, вяснянкі). У пазваночных Л. звязана з прыстасаваннем да пэўных сезонаў года, узнаўленнем зношанага покрыва цела (напр., у большасці млекакормячых Л. 2 разы на год — вясной і восенню, у некаторых — 1 раз).
т. 9, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)