БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ КАМУНІКАТЫ́ЎНАЙ ЛІНГВІ́СТЫКІ (БАКЛ),

недзяржаўная лінгвістычная арг-цыя, заснаваная 2.2.1991 у Мінску з мэтай прапаганды функцыянальнага падыходу да даследавання мовы (прагма-, псіха-, сацыя- і этналінгвістыкі). З 1992 спрабуе таксама захаваць і пашырыць сувязі і супрацоўніцтва мовазнаўцаў у СНД, Балтыі, Польшчы і Балгарыі. Буйнейшыя групоўкі БАКЛ на Беларусі ў Мінску, Гродне, Мазыры і Гомелі, а таксама ў С.-Пецярбургу, Маскве, Цверы (Расія), у Кіеве, Запарожжы, Нежыне, Адэсе, Чарнаўцах (Украіна), у Кішынёве і Бельцах (Малдова). БАКЛ мае кантакты з лінгвістычнымі арг-цыямі ў Брытаніі, ЗША, Чэхіі. З 1993 прадстаўляе Беларусь у Пастаянным міжнародным камітэце лінгвістаў, праводзіць канферэнцыі, выдае зборнікі артыкулаў і тэзісаў.

Дз.​Г.​Багушэвіч.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТАЛІ ((Bartoli) Матэо Джуліо) (22.11.1873, Альбона, Італія, цяпер г. Лабін, Харватыя — 23.1.1946),

італьянскі мовазнавец. Праф. Турынскага ун-та. Заснавальнік «неалінгвістычнага» кірунку ў лінгвістыцы. Першы ўвёў у мовазнаўства паняцце «ізаглоса» і, карыстаючыся паняццем «лінгвістычны арэал» (уведзены франц. дыялектолагам Ж.​Жыльеронам), вылучыў разнастайныя тыпы арэалаў («Субстрат, суперстрат і адстрат», 1939; «Нарысы арэальнай лінгвістыкі», 1945). У 1925 распрацаваў асн. прынцыпы арэальнай лінгвістыкі.

Тв.:

Introduzione alla neolinguistica. Geneve, 1925;

Breviario di neolinguistica. Modena, 1925.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.​Я.​Жэбіт.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫЛО́ВІЧ ((Kuryłowicz) Ежы) (26.8.1895, г. Івана-Франкоўск, Украіна — 28.1.1978),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1931), Польскай АН (1952), чл. шматлікіх замежных акадэмій. Вучыўся ў Львове, Вене, Парыжы. З 1929 праф. Львоўскага, Вроцлаўскага, у 1948—65 — Ягелонскага (Кракаў) ун-таў. Навук. працы ў галіне індаеўрапеістыкі, семіцкага і агульнага мовазнаўства: «Індаеўрапейскія даследаванні» (1952), «Лінгвістычныя эскізы» (1960), «Аб метадах унутранай рэканструкцыі» (1965), «Праблемы індаеўрапейскай лінгвістыкі» (1977) і інш. Зрабіў вял. ўплыў на развіццё структурнай лінгвістыкі. Распрацаваў паняцці іерархіі функцый моўных элементаў, ізамарфізму.

А.​А.​Кожынава.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),

чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).

Літ.:

Пражский лингвистический кружок. М., 1967.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЯ ШКО́ЛА ў мовазнаўстве,

адзін з трох асноўных кірункаў структурнай лінгвістыкі. Цэнтр дзейнасці — Пражскі лінгвістычны гурток (1926—1950-я г.). Гл. ў арт. Структурная лінгвістыка.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙЗЭ (Апалон Анатолевіч) (н. 23.8.1923, г. Аса Пермскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец, педагог і перакладчык. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1946). Працаваў у ВНУ Расіі, з 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэорыю тэксту: распрацоўвае праблемы лінгвістыкі (граматыкі) тэксту. Аўтар прац «Сэнсавая кампрэсія тэксту ў навучальных мэтах» (на англ. мове, 1982), «Праблемы тэкстуальнай лінгвістыкі» (у сааўт., 1983), «Чытанне, рэферыраванне і анатаванне замежнага тэксту» (1985) і інш., падручнікаў англ. мовы для сярэдняй школы і адаптаваных кніг для чытання на англ. мове. Пераклаў на англ. мову кн. У.​Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і А.​Вольскага «Сцяпан — вялікі пан» (1982), апавяданні В.​Быкава, П.​Пестрака, А.​Кулакоўскага, Караткевіча, бел. нар. казкі, з англ. на рус. мову — раман В.​Скота «Чорны карлік» (1961).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Раймонд Генрыхавіч) (н. 17.8.1922, ст. Рубежная Луганскай вобл., Украіна),

бел. і рас. мовазнавец. Д-р філал. н. (1964), праф. (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944), з 1944 працаваў у ім. З 1956 у Малдаўскай АН, з 1958 у Ленінградскім аддзяленні Ін-та мовазнаўства Рас. АН, з 1964 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1966 у Рас. пед. ун-це імя А.​І.​Герцэна. Даследуе праблемы тэарэт. лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, інж. лінгвістыкі, лінгвадыдактыкі. Аўтар кн. «Мадэліраванне фаналагічных сістэм і метады іх параўнання» (1966), «Інжынерная лінгвістыка і тэорыя мовы» (1979), «Тэкст — камп’ютэр — чалавек» (1984) і інш.

Тв.:

Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982 (разам з М.​М.​Лясохіным, К.​Ф.​Лук’яненкавым);

Методы автоматического анализа и синтеза текста. Мн., 1985 (у сааўт.);

Лингвистический автомат и его речемыслительное обоснование. Мн., 1999.

А.​В.​Зубаў.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНА́Я ЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які распрацоўвае метады рашэння практычных задач, звязаных з выкарыстаннем мовы. Традыц. кірункі П.л. — стварэнне граматык і слоўнікаў, навучанне мове, дэшыфроўка стараж. помнікаў на незнаёмых відах пісьма, устанаўленне аўтарства і часу напісання тэкстаў без выходных звестак, стварэнне штучных моў для інтэрнац. зносін разнамоўных людзей, распрацоўка алфавітаў, сістэм графікі для непісьменных моў і інш. У сувязі з камп’ютэрызацыяй інтэлектуальнай дзейнасці надзённай з’яўляецца аўтаматызацыя некат. відаў разумовай працы людзей, што немагчыма без усебаковай матэм. апрацоўкі і статыстычнай параметрызацыі мовы для машыннага перакладу з адной мовы на другую, аўтам. рэферыравання і анатавання пісьмовых тэкстаў, складання канкардансаў і інш. П.л. карыстаецца дасягненнямі матэматычнай лінгвістыкі, структурнай лінгвістыкі, інжынернай, камп’ютэрнай і традыц. лінгвістыкі для практычных патрэб, у першую чаргу для хуткай апрацоўкі і аналізу інфармацыі. Аўтам. апрацоўка пісьмовых тэкстаў на натуральных мовах вымагае іх строгага фармальнага апісання. Для гэтага праводзіцца шматаспектны аналіз мовы з дапамогай матэм. працэдур, ствараюцца штучныя мовы (напр., алгол, кабол, сінтол, фартран і інш.) для зносін у сістэме чалавек — машына (ЭВМ, АСУ, камп’ютэр і інш.), складаюцца частотныя, адваротныя слоўнікі, тэзаўрусы і інш. лексікаграфічныя працы. На Беларусі праблемы П.л. даследуюцца ў Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім лінгвістычным і Гродзенскім ун-тах, у навукова-ведамасных установах на матэрыяле пісьмовых тэкстаў і шляхам аналізу вуснага маўлення.

Літ.:

Тайны древних письмен: Пробл. дешифровки: Пер. с англ., нем., фр. и итал. яз. М., 1976;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 12. Прикладная лингвистика. М. 1983;

Мартынов В.В. Универсальный семантический код: УСК-3. Мн., 1984;

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991;

Прикладное языкознание. СПб., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Дзмітрый Георгіевіч) (н. 22.9.1940, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1993), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965; у 1961 выключаны за т.зв. антысавецкую дзейнасць, аднавіў навучанне ў 1964). З 1969 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це. Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі камунікатыўнай лінгвістыкі (з 1991 яе прэзідэнт). Распрацоўвае пытанні тэорыі моўных узроўняў («Адзінка, функцыя, узровень. Да праблемы класіфікацыі адзінак мовы», 1985), семантычнага сінтаксісу, прагмалінгвістыкі. Адзін з аўтараў «Практыкуму па параўнальнай тыпалогіі англійскай і рускай моў» (1988).

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)