род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).
Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лімоннік кітайскі 6/371
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Шызандра, гл.Лімоннік кітайскі
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ,
перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утворана 20.10.1932. Пл. 363,7 тыс.км². Нас. 1049,1 тыс.чал. (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — г.Благавешчанск. Буйныя гарады: Белагорск, Райчыхінск, Зея, Шыманоўск, Свабодны, Тында.
Прырода. Большая ч.тэр. гарыстая. На Пн Станавы хр. (выш. да 2312 м), на Пд ад яго горны ланцуг хрыбтоў Янкан, Тукурынгра, Сактахан, Джагды; каля 2/3тэр. займаюць Зейска-Бурэінская і Амурска-Зейская раўніны. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, золата, жал. руды, кварцавыя пяскі, кааліны, буд. матэрыялы. Ёсць мінер. крыніцы. Клімат мусонны ўмеранага пояса. Зіма халодная, сухая, маласнежная. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -33 °C, ліп. 18—21 °C. Ападкаў каля 850 мм за год. Гал. рака — Амур і яго прытокі Зея з Селемджой, Бурэя і інш. Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд — чарназёмападобныя. 65% тэр. пад лесам. Пашыраны хвойныя і мяшаныя лясы маньчжурскага тыпу (мангольскі дуб, карэйскі кедр, амурскі аксаміт, ліяны — вінаград, лімоннік, актынідыя), у тайзе лістоўніца, у гарах зараснікі кедравага сланіку і горная тундра. Водзяцца вавёрка, мядзведзь, собаль, кабарга, лось, дзік, ізюбр, казуля, з птушак — глушэц, дзікуша, блакітная сарока і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата, буры і каменны вугаль), машынабудаванне (вытв-сць кавальска-прэсавага, элеватарнага, святлотэхн. абсталявання, электрапрылад, рачных і марскіх суднаў, с.-г. машын і інш.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў; харч.прам-сць. Зейская ГЭС. Райчыхікская ДРЭС. Амурская вобласць — асноўны с.-г. раён Д. Усходу. Сельская гаспадарка збожжаважывёлагадоўчага кірунку. Пасевы збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень), соі. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Пчалярства. На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля. Пушны промысел. Па тэр. Амурскай вобласці праходзяць Транссібірская і Байкала-Амурская чыг. магістралі. Суднаходства па Амуры, Зеі і Бурэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс г назад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яе тэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.
Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш.Пл. 165,9 тыс.км². Нас 2173 тыс.чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г.Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.
Прырода. Большая ч.тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн.т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш.Найб.воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн.м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).
Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн.т. (15% улову Расіі). Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн.т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд.кВт∙гадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сцьмуз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс.га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.