Лігнін 1/129; 4/273; 6/363; 8/377; 12/473

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).

Негніючнік.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.Р.Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗ (ад гідра... + ...ліз),

рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.

Пры гідродізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl​+HOH=NH4OH+Cl​+H​+) ці шчолачную (CH3COO​+Na​++HOH=CH3COOH+Na​++OH​) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.

Т.П.Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О.,Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.П.Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)