СКІД у геалогіі,

тэктанічны разрыў з вертыкальнай або стромка нахіленай плоскасцю зруху горных парод, дзе вісячы блок апушчаны адносна ляжачага ці ляжачы ўзняты адносна вісячага. Утвараюцца пераважна ва ўмовах расцяжэння зямной кары (С. расцяжэння). Амплітуды С. дасягаюць 1 км і больш (у рыфтах). Адрозніваюць С. сколвання, адколвання (развіваюцца з трэшчын), гравітацыйная (на месцы асядання ўчасткаў зямной кары і інш.). Парнае спалучэнне С. утварае скідавыя ўпадзіны — грабены і выступы — горсты. Гл. таксама Ускід.

І.​В.​Клімовіч.

Скід.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)