Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУВІ́Н (Bouvines),
населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ.лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАК (Янка) (сапр.Даніловіч Антон Міхайлавіч; н. 14.11.1912, в.Лучнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Брат Алеся Змагара. Скончыў Мінскі педтэхнікум (1935). З 1935 працаваў настаўнікам у школах Бабруйскага р-на, адначасова вучыўся ў Аршанскім настаўніцкім ін-це. У пач.Айч. вайны вярнуўся ў родную вёску, выкладаў у школе, працаваў у акр. аддзеле самапомачы і ў рэдакцыі «Газэты Случчыны». У 1944 выехаў у Германію, з 1952 жыве ў ЗША. Першы верш надрукаваў у 1930. Абсяг яго паэзіі часу выгнання — вершы роздуму, суму па страчанай Беларусі і маладосці, прысвечаныя каханню, прыгажосці прыроды, гумарыстычныя. Аўтар зб-каў «За чужы грэх» (1958), «Агонь душы» (1979), аповесцей «Т.Д.Ч.» і «Ціхі Стаў».
Тв.:
Творы. Т. 1—2. [Б.м.], 1979—81;
Вятрыска з радзімай краіны: Зб.выбр.тв.Мн., 1996.
Л.С.Савік.
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК,
1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).
З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.
На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт.Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.
2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст.Гл.Стральба з лука. Іл.гл. таксама да арт.Зброя.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.