АЎСЮ́К, авёс пусты,

жывы авёс (Avena fatua),

кветкавая расліна з роду авёс сям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.

Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.

Аўсюк.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВАНО́СЕЦ (Corynephorus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я: На Беларусі трапляецца атлантычна-еўрап. від — булаваносец сіваваты (C. canescens;). Расце на пясчаных мясцінах, узлесках сухіх хваёвых лясоў у паўд. і зах. раёнах на паўн.-ўсх. мяжы арэалу.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі полымі сцёбламі (саломінамі) выш. 10—35 см і каранёвым валасніком. Лісце сівое, шчацінкападобнае, згорнутае, тонказавостранае, цвёрдае, шурпатае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя ў кароткай раскідзістай або сціснутай мяцёлцы з нешматлікіх маленькіх каласкоў. Ніжняя кветкавая лускавінка з членістым булавападобным асцюком (адсюль назва). Плод — зярняўка. Дэкар. і кармавыя расліны, замацавальнікі пяскоў (утвараюць шчыльную дзярніну).

Булаваносец сіваваты.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.

Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.

Аўсец пушысты.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕДР (Cedrus),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.

У.​І.​Торчык.

Кедр гімалайскі: 1 — галінка з шышкай; 2 — насенная лускавінка.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІЦА, мурожніца (Festuca),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 12 дзікарослых і 8 інтрадукаваных відаў. Дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), валіская (Festuca valesiaca), высокая (Festuca altissima), гіганцкая (Festuca gigantea), дзюнная (Festuca sabulosa), лугавая (Festuca pratensis), несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), палеская (Festuca polesica), Рэгеля (Festuca regeliana), танкалістая (Festuca tenuifolia), чырвоная (Festuca rubra), шурпаталістая (Festuca trachyphylla); інтрадукаваныя — аўсяніца альпійская (Festuca alpina), аметыставая (Festuca amethystina), баразнаватая (Festuca sulcata), блакітная (Festuca pallens), прысадзістая (Festuca supina), разналістая (Festuca heterophylla), стракатая (Festuca varia), трысняговая (Festuca arundinacea). Па ўсёй тэрыторыі ў сухіх хвойніках, на сухадольных лугах, палянах, узлесках, травяных схілах і каля дарог трапляюцца аўсяніца авечая, лугавая, чырвоная, шурпаталістая; у цяністых лясах расце аўсяніца гіганцкая; пераважна на Пд на сухіх лугах, у разрэджаных лясах, на пясчаных грывах у поймах рэк трапляецца аўсяніца несапраўдная авечая, на пясчаных агаленнях і дзюнах — аўсяніца палеская, на саланцаватых лугах — аўсяніца Рэгеля. Рэдкія віды аўсяніцы — валіская, высокая, дзюнная і танкалістая — занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, выш. 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка. Амаль усе віды аўсяніцы — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некат. віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкар. расліны.

Аўсяніца: 1 — лугавая; 2 — авечая; 3 — чырвоная; 4 — дзюнная.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)