Лукішкі (турма ў Вільні) 5/334; 6/581

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Ігнат Аляксандравіч) (13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).

Г.В.Кісялёў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́ШКА (Баляслаў Вікенцьевіч) (7.8.1837, фальварак Карманішкі, Эйшышкскі р-н Літвы — 9.6.1863),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1861 вёў рэв. агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях з паліцыяй у Маскве. У сак. 1863 сфарміраваў паўстанцкі атрад (Дубіскі полк) у цэнтр. Літве. 5.4.1863 з атрадам далучыўся да З.еракоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на Пн Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25—27.4.1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

Літ.:

Кісялёў Г. Рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст з Лідчыны // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Генадзь Кісялёў.

Б.В.Калышка.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,

літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр. Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.

С.В.Говін.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),

бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.

Тв.:

Выбр. лірыка. Мн., 1945;

Выбр. тв. Мн., 1958;

Старонкі летапісу. Мн., 1975.

У.А.Калеснік.

М.Машара.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС (Зоська) (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),

бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел. сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел. каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час. «Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г. час. «Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.

Тв.:

Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;

[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;

Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;

Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;

Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;

Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;

Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;

Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;

Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Літ.:

Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;

Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)