ПАЎЛЮКО́ЎСКІ Уладзіслаў [1.5.1895, в. Ініца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 8.9 (паводле інш. звестак 8.11). 1955], бел. паэт, перакладчык, этнограф. Вучыўся ў Харкаўскім маст. вучылішчы. З сярэдзіны 1920-х г. жыў у Вільні. Супрацоўнічаў у газ. «Народная справа», час. «Авадзень», «Маланка». Як графік удзельнічаў у выданні календароў, падручнікаў, часопісаў. У 1926 зняволены ў турму «Лукішкі», у 1939 у Бяроза-Картузскі канцлагер. Пад псеўд. Улад.-Ініцкі друкаваў вершы пераважна пра цяжкое жыццё селяніна, перажыванні палітвязня. Пісаў апавяданні. У творах П. адчуваецца фалькл. ўплыў. У 1934 у час. «Шлях моладзі» апублікаваў серыю этнагр. эцюдаў, прысвечаных бел. земляробчаму календару (аграрныя абрады, звычаі, гадавыя святы разглядаў у кантэксце з культ. традыцыямі інш. народаў). Запісваў нар. песні і прыказкі. Пра зняволенне ў Бяроза-Картузскім канцлагеры ва ўспамінах «Арышты. Бяроза і воля» (1940). На бел. мову перакладаў творы Л.​Талстога (зб-кі «Ці шмат чалавеку трэба зямлі...», 1928; «Ад чаго зло на свеце», 1929). З 1945 дырэктар Літ. музея імя А.​С.​Пушкіна ў Вільнюсе. У 1948 арыштаваны. Вярнуўся з лагера ў 1953.

Тв.:

Сон Гаўрылы і розныя вершы. Вільня, 1928;

Клім бабаю і іншыя жарты. Вільня, 1929;

Апавяданні. Вільня, 1929.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)