Луджэнне 6/275, 430—431; 8/263

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЙКА, паянне,

тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.

Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл. Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл. печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА, цына (лац. Stannum),

Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: ​112Sn, ​114Sn – ​120Sn, ​122Sn, ​124Sn; найб. пашыраныя — ​120Sn (32,59%) і ​118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10​−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл. Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл. Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл. Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл. Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)