Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШНІЦА,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Масква. Цэнтр сельсавета, калгаса і саўгаса-камбіната. За 20 км на ПнУ ад г. Барысаў, 96 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Прыяміна. 6872 ж., 584 двары (1999).
У 1563 мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяв ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, у Барысаўскім пав. Мінскай губ. У вайну 1812 напалеонаўскае войска спаліла тут царкву (у 1816 адбудавана). У 1870 сяло, у 1885 цэнтр воласці, 834 ж., 143 двары, нар. вучылішча, царква, млын. З 1920 у Л.нар.тэатр. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскім р-не Мінскай акругі. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 53, вывезлі ў Германію 49 жыхароў. У 1945—55 працаваў дзіцячы дом. У 1972—1978 ж., 630 двароў.
Прыямінскі рамонтны з-д, камбікормавы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, кінатэатр, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЫЧ (Таццяна Васілеўна) (10.1.1905, в.Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),
бел. афтальмолаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-рмед.н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.
Тв.:
Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;
Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.М.Ператыцкай);
Ожоги глаз. Мн., 1979;
Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в.Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).
В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч. сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.