Ло́шніца

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. Ло́шніца
Р. Ло́шніцы
Д. Ло́шніцы
В. Ло́шніцу
Т. Ло́шніцай
Ло́шніцаю
М. Ло́шніцы

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Лошніца (в.) 2/168 (к.), 340; 5/200; 6/427

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШНІЦА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Масква. Цэнтр сельсавета, калгаса і саўгаса-камбіната. За 20 км на ПнУ ад г. Барысаў, 96 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Прыяміна. 6872 ж., 584 двары (1999).

У 1563 мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяв ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, у Барысаўскім пав. Мінскай губ. У вайну 1812 напалеонаўскае войска спаліла тут царкву (у 1816 адбудавана). У 1870 сяло, у 1885 цэнтр воласці, 834 ж., 143 двары, нар. вучылішча, царква, млын. З 1920 у Л. нар. тэатр. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскім р-не Мінскай акругі. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 53, вывезлі ў Германію 49 жыхароў. У 1945—55 працаваў дзіцячы дом. У 1972—1978 ж., 630 двароў.

Прыямінскі рамонтны з-д, камбікормавы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, кінатэатр, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Апанас Фёдаравіч) (15.12.1903, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1993),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1931), вышэйшыя пед. курсы ў Ленінградзе (1932). З 1926 на сав., каап. і парт. рабоце ў Барысаўскім р-не, Віцебску. У 1937—38 старшыня СНК БССР. У 1939 арыштаваны, у 1941 сасланы ў Омскую вобл. Рэабілітаваны ў 1943. Працаваў у сістэме кааперацыі ў Омскай вобл., Малдаўскай ССР. У 1947—60 нам. старшыні Белкаапсаюза. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—39. Аўтар успамінаў «Звон мой — праўда» (1989).

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЫЧ (Таццяна Васілеўна) (10.1.1905, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),

бел. афтальмолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р мед. н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.

Тв.:

Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;

Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.​М.​Ператыцкай);

Ожоги глаз. Мн., 1979;

Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.

Т.​А.​Бірыч.

Т.В.Бірыч.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.​Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.​Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).

В.Даўгала, У.​Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.​Радзівіл Чорны і М.​Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.​Радзівілу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)