логас

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАТЫ́П

(ад логас + typos адбітак),

1) спецыяльна распрацаваны арыгінальны абрыс, выява поўнай або скарочанай назвы фірмы (тавараў фірмы).

2) У паліграфіі — літара з адным з найб. ужывальных слоў ці складоў; выкарыстоўваўся пры ручным наборы.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАПЕ́ДЫЯ

(ад логас + paideia выхаванне, навучанне),

галіна дэфекталогіі, якая вывучае парушэнні маўлення пры нармальным слыху, шляхі іх пераадолення і папярэджання.

У 17 ст. пытанні карэкцыі недахопаў маўлення пры нармальным слыху разглядаліся ў працах па сурдапедагогіцы. Як самастойнае адгалінаванне Л. пачала фарміравацца з 2-й пал. 19 ст. Да канца 1930-х г. ў Л. пераважалі спрошчаныя ўяўленні пра маўленне як сукупнасць спец. мускульных рухаў. Сучасная Л. парушэнні маўлення імкнецца пераадольваць пед. метадамі, пры неабходнасці кірунак спец. навучання і карэкцыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў узгадняецца з мед. рэкамендацыямі.

На Беларусі праблемы Л. распрацоўваюцца ў Бел. пед. ун-це і Нац. ін-це адукацыі.

Літ.:

Логопедия. 2 изд. М., 1995;

Зайцава Л.А. Метадычныя матэрыялы па карэкцыі маўленчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Мн., 1996;

Хрестоматия по логопедии. Т. 1—2. М., 1997.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.К.Лукашэвіч.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАРЫ́ФМ ліку N па аснове a

(a>0, a≠1) (ад логас + грэч. arithmos лік),

паказчык ступені m, у якую ўзводзіцца лік a для атрымання ліку N. Абазначаецца logaN. Напр., log10100 = lg 100 = 2; log21/32 = −5. Дазваляе зводзіць множанне (дзяленне) лікаў да складання (адымання) іх Л., а ўзвядзенне ў ступень (здабыванне кораня) — да множання (дзялення) Л. на паказчык ступені (кораня).

Л. і табліцы Л. уведзены незалежна шатл. матэматыкам Дж.Неперам (1614, 1619) і швейц. матэматыкам І.Бюргі (1620). Кожнаму дадатнаму ліку адпавядае пры зададзенай аснове адзіны сапраўдны Л. (Л. адмоўнага ліку — камплексны лік). Найб. пашыраныя дзесятковыя (a = 10) і натуральныя (a = e = =2,71828...), якія абазначаюцца lgN і lnN адпаведна. Цэлую частку Л. наз. характарыстыкай, дробавую — мантысай. Дзесятковыя Л. лікаў, якія адрозніваюцца множнікам 10​n, маюць аднолькавыя мантысы, што закладзена ў аснову пабудавання лагарыфмічных табліц. У камплекснай вобласці разглядаюцца Л камплексных лікаў: Lnz = ln(z) + iArgz, дзе Argz — аргумент z. Пры пераменным х>0 суадносіны y = lnx вызначаюць лагарыфмічную функцыю. Да з’яўлення выліч. машын табліцы Л. былі асн. дапаможным сродкам пры разліках.

Ю.С.Багданаў, А.А.Гусак.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)