«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ. правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
В.В.Грыгор’ева.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
назва перыядычных выданняў, афіц. органаў епархій, якія выдаваліся з 2-й пал. 19 ст. да 1917 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Мелі 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную. У першай друкаваліся ўрадавыя пастановы, указы і распараджэнні Сінода, царк. хроніка. у другой — матэрыялы па багаслоўі. л-ры, фальклоры, этнаграфіі, археалогіі, краязнаўстве, гісторыі царквы. Выдаваліся «Литовские епархиальные ведомости» (1863—1916, Вільня, Масква), «Минские епархиальные ведомости» (1869—1917, Мінск, Разань; адноўлена ў 1989 у Мінску), «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1917, Віцебск), «Могилевские епархиальные ведомости» (1883—1917, Магілёў), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—15, Гродна).
т. 6, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)