Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРН-ДЖО́НС ((Burne-Jones) Эдуард Колі) (28.8.1833, г. Бірмінгем, Вялікабрытанія — 17.6.1898),
англійскі мастак, майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва. Прадстаўнік прэрафаэлітаў. У 1859 і 1862 працаваў у Італіі. Зазнаў уплыў Д.Г.Расеці. Звяртаўся да стылізацыі ў духу італьян. кватрачэнта. Яго дэкар. кампазіцыі 1870—90-х г. на рэлігійныя і легендарныя сюжэты («Залатая лесвіца», «Кароль Кафетуа і жабрачка», «Любоў сярод руін») адметныя трохі манерным, гнуткім лінейным рытмам, цягай да арнаментальнасці, рысамі рамантычнай усхваляванасці і ідэалізацыі. Выкананыя ім для майстэрняў У.Морыса ілюстрацыі (да «Збору Джэфры Чосера», 1896, разам з Морысам), эскізы габеленаў, мазаік, вітражоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва спрыялі адраджэнню англ.маст. рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНЬЕ́ ((Garnier) Жан Луі Шарль) (6.11.1825, Парыж — 3.8.1898),
французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1842—48). З 1860 архітэктар Парыжа. Стваральнік пампезных збудаванняў у духу эклектызму: тэатр «Гранд-Апера» ў Парыжы (1861—67, канчатковая апрацоўка да 1875), Оперны т-р (1878—79) і казіно (1861—1910) у Монтэ-Карла.
Да арт. Ж.Гарнье. Парадная лесвіца тэатра «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1861—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 19.2.1945, г. Ташкент),
спявак і кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1994). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963, клас акардэона). Працаваў у калектывах эстраднага жанру, у т. л. ў ансамблі пад кіраўніцтвам В.Вуячыча, аркестры «Сучаснік», вак.-інстр. ансамблях «Пявучыя гітары», «Магістраль» (арганізатар), «Аракс» і інш. Аўтар і выканаўца папулярных песень (у т. л. «Залатая лесвіца», «Макі», «Снегіры», «Ля бяроз і сосен» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙТ, Рыд (Rejt, Reid) Бенядзікт (1451—1534), чэшскі архітэктар, прадстаўнік эпохі позняй готыкі. Прыдворны архітэктар караля Уладзіслава II. Асн. работы: «Уладзіслаўская» зала (1486—1502), «Кавалерыйская» лесвіца (каля 1500), т.зв. Людвікава крыло (1501—09) каралеўскага палаца, вежы Белая, Чорная, Далібарка і Мігулка (канец 15 ст.) у Пражскім Градзе; сабор св. Барбары ў г. Кутна-Гора (1512—47), палац у г. Блатна (1523—30), замак у Забкавіцы (Польшча; 1523—32). Удзельнік перабудовы Пражскага Града (1487—1511).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІТЭ́ЛІ ((Vanvitelli) Луіджы) (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЫ́СЛАЎ,
мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял.Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.