АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.Талстога, «Агонь і снег» І.Шамякіна.
т. 1, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр. Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМО́ВА, мова-аснова,
старажытная мова, з дыялектаў якой шляхам паступовага развіцця ўзнікае група т.зв. роднасных моў або моўных сем’яў. Некат. П. добра вядомыя з прычыны захавання пісьмовых помнікаў, напр., лацінская мова як П. раманскіх моў. У інш. выпадках П. рэканструююцца (напр., праславянская, праіндаеўрапейская і інш.) метадамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Рэканструкцыя П. як сістэм заканамерных фанет., марфал., сінтакс. і семантычных суадпаведнасцей — магчымасць лепей зразумець шляхі эвалюцыі асобных моў, вызначыць адносіны роднасці паміж імі, выйсці за часавыя межы самых старых зафіксаваных тэкстаў.
Літ.:
Трубецкой Н.С. Мысли об индоевропейской проблеме // Трубецкой Н.С. Избр. тр. по филологии. М., 1987;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т]. 1—2. Тбилиси, 1984.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел. нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.Федароўскі.
Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш. маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).
Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд. Мн., 1996.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.
Г.А.Пятроўская.
т. 13, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,
«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)