ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),

адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».

Літ.:

Слово в грамматике и словаре. М., 1984.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)