Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДА́ (Chenopodium),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў (па інш. звестках — да 400). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах. На Беларусі 16 дзікарослых [найб. вядомыя Л. белая (Ch. album), шызая (Ch. glaucum), чырв. (Ch. rubrum), гарадская (Ch. urbicum)] і 2 інтрадукаваныя віды.
Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны і кусцікі. Лісце чаргаванае, пераважна надрэзана-зубчастае, часта пакрытае, як і сцёблы, мучністым налётам. Кветкі двухполыя з зялёным калякветнікам, сабраныя клубочкамі ў коласападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак. Харч., кармавыя, лек., тэхн., інсектыцыдныя і дэкар. расліны; некат. ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДА́, Лябёдка,
рака ў Шчучынскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 67 км. Пл. вадазбору 791 км². Пачынаецца каля в. Калечыцы Шчучынскага р-на, цячэ па Лідскай раўніне. Асн. прытокі: Касцянеўка, Жалудзянка (справа), Жужма, Шкардзянка, Голдаўка (злева). У верхнім цячэнні называецца Лябёдка. Даліна трапецападобная, у нізоўі месцамі невыразная. Пойма нізкая, двухбаковая, большай ч. забалочаная, шыр. 500—700 м. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае, шыр. яго ад 8—12 м у вярхоўі да 15—25 м у ніжнім цячэнні. Берагі стромкія і абрывістыя. У пойме меліярац. каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДА́ (Тодар) (сапр.Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).
Тв.:
Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Літ.:
Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.
Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л. — харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жужма (р.), гл.Лебяда
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФІ́ЛЫ [ад нітр... + філ(ы)],
арганізмы, якія лепш растуць на глебах, багатых злучэннямі азоту. Сярод раслін — грыбы, імхі, крапіва, лебяда, лён, маліны, пшаніца, скрыпень, сланечнік і інш.; сярод жывёл — жгуцікавыя роду нанахлорыс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЁЎКА,
рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р.Лебяда (бас.р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца каля в. Калечыцы. Рэчышча каналізаванае на працягу 7 км да вусця. На рацэ створана сажалка.