Латкі (археал.) 3/542; 6/274

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ ФА́БРЫКА СУВЕНІ́РАЎ.

Створана ў 1952 у г. Брэст як цэх па выкарыстанні адходаў Брэсцкай мэблевай ф-кі. З 1960 ф-ка цацак, з 1965 Брэсцкая фабрыка сувеніраў. У 1993 пабудаваны цэх па выпуску маст. мэблі. Асн. прадукцыя (1995); лялькі-матрошкі, шкатулкі інкруставаныя і размаляваныя, кантэйнеры для хлеба, сальніцы, апрацоўчыя дошкі, шахматы, шашкі, саламяныя латкі, цукерніцы, кошыкі.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКУБА́ТАР (ад лац. incubo, тут — выседжваю птушанят),

апарат (устаноўка) для штучнага вывядзення маладняку с.г. птушак з яец. Размяшчаюць І. ў інкубаторыях (спец. будынках) птушкафабрык і інкубатарна-птушкагадоўчых станцый.

Абсталяваны прыладамі аўтам. падтрымлівання рэжыму інкубацыі: т-ры і адноснай вільготнасці паветра, паветраабмену, паварочвання яец у інкубацыйных латках. Бываюць шафавыя з вонкавым абслугоўваннем (найб. пашыраны) і кабінетныя з унутр. абслугоўваннем, а таксама секцыйныя. Шафавыя І. складаюцца з інкубацыйнага і вываднога агрэгатаў. Свежыя яйцы закладваюцца ў латкі інкубацыйнага агрэгата, дзе праходзяць стадыю інкубацыі (курыныя 21 сут, качыныя і індычыя 28, гусіныя 30, перапёлчыны 17). Пасля яйцы перакладваюцца ў вывадны агрэгат, дзе птушаняты вылупліваюцца. У Еўропе і ЗША І. з’явіліся ў 19 ст., у СССР прамысл. вытв-сць іх пачата ў 1928.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.

Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.

А.​П.​Ліхацэвіч.

Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)