ЛАПШЫ́Н (Валерый Міхайлавіч) (н. 11.1.1938, г.п. Малочнае Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і электронікі. Канд. тэхн. н. (1967), праф. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1959), дзе і працаваў (у 1987—90 нач. кафедры). З 1998 у Ін-це сучасных ведаў. Навук працы па радыётэхніцы, спосабах вымярэння адлегласцей у радыёлакацыі.

Тв.:

Применсние аппарата структурных функций при построении систем антоматической подстройки частоты (разам з У.В.Акімцавым) // Изв. вузов. Радиоэлектроника. 1987. Т. 30, № 1.

М.П.Савік.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лапшын А. С. 6/264

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМАН (Аляксей Георгіевіч) (н. 20.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Сын Ю.П.Германа. Скончыў Ленінградскі дзярж. ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1960). Паставіў фільмы: «Праверка на дарогах» (1972, вып. 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987), «Дваццаць дзён без вайны» (1977, прэмія імя Ж.Садуля, Францыя), «Мой сябра Іван Лапшын» (1982, вып. 1985, Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1986), «Хрусталёў, машыну!» (1991—97), дзе дакументавана дакладная перадача атмасферы мінулага часу стала маст. фундаментам філас. роздуму пра суадносіны асабістага і гістарычнага. Як акцёр здымаўся ў фільмах: «Раферці», «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» і інш.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Георгій Андрэевіч) (н. 20.7.1922, Масква),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.Тургенева (1975; т-р імя Ю.Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,

від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т.л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).

Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.

На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.Гараеў, Я.Гаўрыленка, М.Кіраў, У.Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.Іўчанка і П.Пачанчук; у трайным скачку А.Каваленка і І.Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.Шыкаленка, дыска У.Дуброўшчык, В.Капцюх і Э.Зверава; у сямібор’і Н.Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.Смяхнова (1983), А.Бялеўская (1987), У.Сасімовіч (1991), Я.Місюля (1991, 1995), С.Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.Духнова (1994).

Т.П.Юшкевіч.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)