ВО́ЛКАЎ (Георгій Андрэевіч) (н. 20.7.1922, Масква),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.​Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.​Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.​Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.​Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.​Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.​Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.​Тургенева (1975; т-р імя Ю.​Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).

Г.А.Волкаў.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)