Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУ́Г,
1) гнуткі выраб, які складаецца з асобных шарнірна злучаных жорсткіх звёнаў. Бываюць Л. грузавыя (для падвешвання і пад’ёму грузаў), цягавыя (для перамяшчэння грузаў) і прыводныя (для перадачы руху; гл.Ланцуговая перадача). Выкарыстоўваюцца таксама проціслізготныя Л., якія надзяваюць на вядучыя колы аўтамабіля для павышэння яго праходнасці па зледзянелых дарогах ці бездарожжы.
2) Л. у электратэхніцы — гл.Магнітны ланцуг, Электрычны ланцуг.
Ланцугі: 1, 2 — грузавыя (круглазвённы зварны і пласціністы з расклёпкай); 3, 4 — цягавыя (пласціністы ўтулачна-ролікавы і карданны з літымі звёнамі); 5, 6 — прывадныя (ролікавы двухрадны і пласціністы зубчасты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.