Лантан 1/206; 5/286; 6/255; 9/243

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНТА́Н

(лац. Lanthanum),

La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў ​139La (99,911%) і радыеактыўнага ​138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 10​11 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10​-3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.

Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м3. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «МАНАЛІ́Т».

Створана ў 1972 у Віцебску на базе з-даў радыёдэталей (дзейнічае з 1958) і рэзістараў (з 1968) у Віцебску і з-да «Лантан» (поўнасцю ўведзены ў 1973) у г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1980 увайшлі Лепельскі электрамех. з-д і з-д «Ветразь» у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Вядучы вытворца маналітных керамічных кандэнсатараў сярод краін б. СССР (забяспечвае 50% патрэбы ў іх). Асн. прадукцыя (1996): шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і інш. п’езавырабы, пазістары, шматслойныя індуктыўнасці на керамічнай падложцы для паверхневага мантажу, складанае тэхнал. абсталяванне, сістэмы электроннага запальвання, устройствы цеплавой аховы электрарухавікоў, мікрафоны, быт. пыласосы і інш. тавары шырокага ўжытку. На ВА дзейнічае н.-д. ін-т электроннай тэхнікі.

С.Дз.Грыгарчук.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНТАНО́ІДЫ

(ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),

сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.

Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.

І.В.Боднар.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)