Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,
тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць узаемадзейных камп’ютэраў, злучаных паміж сабой з дапамогай лініі сувязі (кабельных або тэлеф.) ці радыёканалаў для абмену інфармацыяй. Для забеспячэння функцыянавання К.с. выдзяляецца спец. камп’ютэр (сервер), у запамінальных прыстасаваннях якога размешчаны праграмы супольнага карыстання, базы даных і інш. Бываюць лакальныя і размеркаваныя (рэгіянальныя, глабальныя., напр.Інтэрнет).
Лакальныя аб’ядноўваюць камп’ютэры, якія знаходзяцца ў адным ці некалькіх блізка размешчаных збудаваннях і далучаюцца да ўнутр. кабельнай сеткі непасрэдна ці праз камутатары, канцэнтратары і інш. Размеркаваныя звычайна карыстаюцца паслугамі тэлекамунікацыйных ліній сувязі (напр., тэлефоннай). К.с. выкарыстоўваюцца для рашэння складаных задач навукі, тэхнікі, эканомікі, кіравання, адпрацоўкі інфармацыі і інш., якія патрабуюць размеркаваных баз даных і магутных выліч. рэсурсаў. На Беларусі (1998) найб. магутныя лакальныя К.с. створаны ў ін-тах фізікі, матэматыкі, тэхн. кібернетыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, заалогіі, эксперым. батанікі, фотабіялогіі, сацыялогіі, Цэнтр.навук. б-кі Нац.АН. Яны далучаны да рэгіянальнай сеткі БАСНЕТ (англ. BASNET, скарочанае ад Belorussian Academy of Sciences NetWork — сетка Бел.АН; аб’ядноўвае ЭВМ устаноў навукі, адукацыі, культуры і інш.) і да глабальнай сеткі Інтэрнет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІКІ,
пчаляры, якія займаліся бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства Б. пе-. радавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСО́ЧКІ,
народны музычны ўдарны інструмент класа ідыяфонаў; правобраз ксілафона. Лакальныя назвы цымбалкі, смалінкі. Складаецца з сасновых брусочкаў (10 і болей) аднолькавай таўшчыні, але рознай даўжыні, якія ўкладваюць паралельна на 2 пучках жытняй саломы, моцна перавязаных у некалькіх месцах. Ударамі маленькіх драўляных малаточкаў здабываюцца моцныя, але мяккія, прыемнага тэмбру гукі рознай вышыні. Брусочкі бытавалі ў раёнах Гомельскага Палесся і на Магілёўшчыне. Зараз не сустракаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,
бел.нар. танец. Лакальныя назвы «Жораў», «Бусел». Паходзіць са стараж. карагодаў, дзе выканаўцы пераймалі рухі жураўля. Танцоры выстройваліся ланцужком ці парамі і ішлі па крузе, выпісваючы розныя зігзагі, потым станавіліся касяком, рабілі паклоны з узнятымі і злучанымі ўверсе рукамі, што нагадвала рухі жураўля. У асобных варыянтах танца захаваліся элементы гульні і гумару, уласцівыя абраду калядавання: «журавель» танцаваў, імправізаваў, торкаў дзюбай прысутных. Часта «Ж.» выконвалі з прыпеўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕклеткі,
адзін з фактараў, які вызначае форму клеткі і яе частак. Мае значэнне для клетак (жывёльных, некат. прасцейшых), пазбаўленых трывалай надмембраннай структуры, як, напр., у клетак раслін. Такія клеткі ў вадкім асяроддзі ў завіслым стане маюць сферычную канфігурацыю. Форма клеткі, якая прымацавана да субстрату або да інш. клетак, залежыць пераважна ад інш. фактараў (напр., ад мікратрубачак, кантактных структур). Лакальныя змены П.н. маюць значэнне ў гаструляцыі, пінацытозе, фагацытозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕ́ДКІ,
традыцыйны звычай бел. радзіннай абраднасці — наведванне парадзіхі пасля родаў; лакальныя назвы водведы, адведзіны, провідкі, наведы. У адведкі ішлі звычайна замужнія жанчыны ў першыя 2—3 дні (на Палессі — у 2 тыдні і болей) пасля родаў, каб дапамагчы парадзісе і яе сям’і. Паводле звычаю ў адведкі неслі з сабою яешню, хлеб, кашу, сыр, мёд, на Палессі яшчэ боршч, аладкі, варэнікі і інш. Звычай захаваўся, але ў адведкі сталі хадзіць і мужчыны, і незамужнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),
матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва І. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАН,
ганчарны выраб у беларусаў; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і інш. вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай-літком і ручкай. Лакальныя адрозненні ў прапорцыях сілуэта такія ж, як і ў гарлачоў. У зах. раёнах Беларусі З. рабілі на 3—6 л з вельмі шырокім вусцем і выкарыстоўвалі яго ў якасці даёнкі. Выраблялі З. пераважна чорназадымленыя і паліваныя, аздаблялі лінейна-хвалістымі ўзорамі, глянцаваным арнаментам у елачку, геам. і расліннай падпаліўнай ангобнай размалёўкай.