АМАНІМА́ЦЫЯ,
стылістычная фігура ў паэтыцы, спалучэнне слоў з аднолькавым коранем, але неаднолькавых паводле граматычнай катэгорыі. Прыклад выкарыстання аманімацыі, падпарадкаванай маст. задуме, у вершы Я.Купалы «У купальскую ноч»: «Цемра з нетрай скача скокі...», «Так шукае, лазіць лазам...», «Кветкі пільна я пільную» // На замкоў замкнёна сорак...».
т. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ
(Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУ Паўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
т. 4, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВЕ́РА
(Viverra),
род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. i Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.
Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
т. 4, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)