КІШЭ́ЧНЫ СОК, стрававальны сок,
вадкі прадукт залоз тонкага і тоўстага аддзелаў кішэчніка ў некат. беспазваночных (малюскі, членістаногія), усіх пазваночных і чалавека. У пазваночных і чалавека К.с. бясколерны або жаўтаваты са шчолачнай рэакцыяй, з камячкамі слізі і злушчанымі клеткамі эпітэлію. Састаў К.с.: вада, арган. і неарган. рэчывы, ферменты, якія канчаткова расшчапляюць бялкі, тлушчы і вугляводы ежы (амілаза, цукраза, фасфатаза, энтэракіназа і інш.). Выдзяляецца бесперапынна (у чалавека за суткі 1—3 л). Кішэчная сакрэцыя рэгулюецца нерв. і гумаральным шляхамі.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАГО́Н,
бялковы гармон, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза (α-клеткі астраўкоў Лангерганса). Глюкагон — адналанцужковы поліпептыд з 29 амінакіслотных астаткаў. Мал. маса каля 4000. Атрыманы ў 1956 амер. Біяхімікам В.Бромерам у крышт. выглядзе. Стымулюе распад глікагену печані праз актывацыю ферменту фасфарылазы і ў выніку павялічвае канцэнтрацыю цукру ў крыві. З’яўляецца фізіял. антаганістам інсуліну, а таксама стымулятарам яго сакрэцыі. Вядомы т.зв. кішэчны глюкагон (вылучаны з слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі) з большай мал. масай, у якога, як лічыцца, амаль няма глікагеналітычнага дзеяння, але ёсць выразны інсулінстымулявальны эфект.
т. 5, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́ФЫ (ад пара... + тыф),
вострыя кішэчныя інфекцыйныя хваробы чалавека, якія выклікаюцца бактэрыямі роду сальманела. Адрозніваюць П. A і B падобныя па этыялогіі, эпідэміялогіі і клінічным праяўленням да брушнога тыфу, і C, які выяўляецца ў харч. токсікаінфекцыі і інш. формах.
Крыніца інфекцыі — хворыя на П. і бацыланосьбіты. Заражэнне праз ваду, харч. прадукты, забруджаныя бактэрыямі. Прыкметы: дрыжыкі, т-ра 40—42 °C, боль галавы, высыпка ружовага колеру на скуры жывата, грудзей, рук на 5—7-ы дзень хваробы. Бываюць формы П., падобныя да гастраэнтэрыту з моташлівасцю, ірвотай, паносамі. Ускладненні: кішэчны крывацёк, прарыўныя язвы кішэчніка, аслабленне імунітэту. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Сальманелёзы.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)