Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),
паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.
Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 8, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРО́МА (ад грэч. athēra кашка + ...ома),
кіста сальнай залозы, якая ўзнікае пры закупорцы вывадной пратокі. Бывае ў вобласці валасянога покрыва галавы, твару, шыі, машонкі ў выглядзе цвёрдай круглаватай бязбольнай пухліны. Мае цвёрдую капсулу з кашкападобнай белай масай. Магчыма нагнаенне. Лячэнне хірургічнае.
т. 2, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд),
дэрмоідная кіста, пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.
В.Я.Рабека.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)