драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. Грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,
асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́,
асіннікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́, бярэзнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (В. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.