Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЛЬНАЯ АФАРБО́ЎКА,
прыжыццёвая афарбоўка, гістафізіялагічны метад даследавання функцыян. асаблівасцей раслінных і жывёльных клетак увядзеннем у жывы арганізм ці ў кавалачкі тканкі адносна няшкодных фарбавальнікаў. Для вітальнай афарбоўкі выкарыстоўваюць кіслыя (трыпанавы сіні, літыевы кармін) і асн. (нейтральны чырвоны, метылавы сіні і інш.) фарбавальнікі. Характар і інтэнсіўнасць вітальнай афарбоўкі вызначае стан клеткі ці тканкі.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНАЕ ШКЛО́,
аморфная вулканічная горная парода, якая ўтвараецца пры хуткім (без крышталізацыі) застыванні лавы. Пераахалоджаная вадкасць вельмі вял. вязкасці. Можа цалкам складаць вылітыя ліпарытавыя кіслыя, радзей базальтавыя эфузіўныя пароды. Да парод, што складаюцца амаль цалкам з вулканічнага шкла і адрозніваюцца паводле саставу або асаблівасцей структуры, належаць абсідыян, смаляны камень (пехштэйн), пемза, перліт, тахіліт, сордаваліт.
т. 4, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКАРБАНА́ТЫ,
бікарбанаты, гідрагенкарбанаты, кіслыя солі вугальнай кіслаты. Добра раствараюцца ў вадзе ў адрозненне ад большасці карбанатаў. Пры награванні ператвараюцца ў нармальныя карбанаты. Выконваюць важную фізіял. ролю, з’яўляюцца буфернымі рэчывамі, якія падтрымліваюць нязменнасць рэакцыі крыві. Часовая жорсткасць вады абумоўлена прысутнасцю гідракарбанатаў у прыроднай вадзе. Найб. практычнае значэнне маюць гідракарбанаты натрыю NaHCO3 (пітная сода) і амонію NH4HCO3.
т. 5, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФІ́ТЫ,
бісульфіты, гідрагенсульфіты, кіслыя солі сярністай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны толькі гідрасульфіты шчолачных металаў і амонію (напр., гідрасульфіты калію KHSO3, натрыю NaHSO3). Добра раствараюцца ў вадзе. Аднаўляльнікі, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, раскладаюцца к-тамі з вылучэннем дыаксіду серы. Гідрасульфіты натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, прыродных валокнаў, гідрасульфіты кальцыю — для атрымання цэлюлозы з драўніны (кампанент сульфітнага шчолаку).
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНЫ́,
традыцыйны бел. мучны выраб; вядомы і інш. слав. народам. Лакальная назва блінцы. Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыраквашы, сыроватцы. Бліны рабіліся кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на подмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невял. тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ,
бісульфаты, гідрагенсульфаты, кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).
Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,
галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.
У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H+), кальцыевыя (Ca+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H+) і жалеза (Fe++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.
Літ.:
Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;
Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.
т. 5, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё), арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)