РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал. функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст. л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл. Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.

Літ.:

Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;

Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.

т. 13, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)