Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],
кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),
кіроўныаэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ СІСТЭ́МА ў касманаўтыцы, бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,
кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.
І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТколавых машын,
элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКІ НАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (ННК; Deutscher Volkskongreß),
сход дэлегатаў ад паліт. партый і масавых арг-цый, кіроўны Сацыяліст. адзінай партыяй Германіі (САПГ; засн. ў 1946) пасля 2-й сусв. вайны. Пасяджэнні кангрэса адбыліся ў снеж. 1947, сак. 1948 і маі 1949, ён выбраў у сак. 1948 1-ы, у маі 1949 2-і Нямецкі нар. савет (апошні 30.5.1949 прыняў праект канстытуцыі, а 7.7.1949 канстытуіраваўся як часовая Нар. палата і абвясціў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, ГДР). ННК праводзіў сав. палітыку адносна Германіі і служыў для САПГ інструментам у будаўніцтве аднапарт. сістэмы. У зах.акупац. зонах краіны забаронены ў пач. 1948. У сувязі з заснаваннем ГДР ННК канстытуіраваўся ў кастр. 1949 як Нац. фронт дэмакр. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),
прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).
Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш.Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.