БІЯКІРАВА́ННЕ,

спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш. Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.

Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.

М.П.Савік.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)