КАМІТЭ́Т (франц. comité ад лац. committo даручаю),

1) калегіяльны выбарны кіраўнічы орган у паліт. партыях і грамадскіх арг-цыях.

2) Дзярж. орган, які ствараецца для кіраўніцтва якой-н. галіной дзейнасці, правядзення спец. мерапрыемстваў.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.​Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш. Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.​Быкаў, з 1993 Р.​Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.

Да арт. «Бацькаўшчына». Першы з’езд беларусаў свету ў Мінску. 1993.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНЁРСТВА ДЗЕ́ЛЯ МІ́РУ (ПДМ),

ваенна-палітычная праграма НАТО, дэклараваная мэта якой — умацаванне стабільнасці і бяспекі на Еўрап. кантыненце. Прынята на сесіі НАТО (1994). У ПДМ удзельнічаюць 46 дзяржаў (2000), у т. л. Рэспубліка Беларусь. Праграма накіравана на развіццё ваен. супрацоўніцтва паміж НАТО і дзяржавамі-партнёрамі, паглыбленне ўзаемадзеяння, павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці ўзбр. сіл, забеспячэнне транспарэнтнасці працэсаў нац. ваен. планавання, фарміраванне ваен. бюджэту і развіццё дэмакр. кантролю над узбр. сіламі. Рабочы орган — Ваен.-паліт. кіраўнічы к-т. Ваен. аспекты супрацоўніцтве ў рамках ПДМ забяспечвае Рабочая група па ваен. супрацоўніцтве, якая з’яўляецца кансультатыўным органам Ваен. к-та НАТО. Пункт па каардынацыі партнёрства (размешчаны ў г. Монс, Бельгія) ажыццяўляе планаванне і падтрымку ўзаемадзеяння НАТО з дзяржавамі-партнёрамі, каардынуе іх сумесную ваен. дзейнасць. Складаецца з ваеннаслужачых НАТО і прыкамандзіраваных афіцэраў з дзяржаў-партнёраў. З 1997 усе дзяржавы-партнёры з’яўляюцца чл. Савета еўраатл. партнёрства, а некаторыя з іх удзельнічаюць у т.зв. пашыранай і больш аператыўнай ПДМ, якая прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва альянсу з асобнымі дзяржавамі-партнёрамі. Дзяржава, што жадае далучыцца да ПДМ, падпісвае Рамачны дакумент, які вызначае асн. прынцыпы супрацоўніцтва, і прадстаўляе ў штаб-кватэру НАТО Прэзентацыйны дакумент (Рэспубліка Беларусь прадставіла ў лют. 1996), у якім вызначае фармат свайго супрацоўніцтва ў рамках ПДМ і вылучаныя для гэтага сілы і сродкі. У адпаведнасці з гэтым дакументам кожная дзяржава рыхтуе Індывідуальную праграму партнёрства (ІПП), якая разлічана на 2 гады і штогод удакладняецца. Дзяржава-партнёр можа на двухбаковай аснове падпісваць з НАТО Пагадненне, якое вызначае прававы статус знаходжання замежных вайск. кантынгентаў на нац. тэрыторыі. У сувязі з дзеяннямі НАТО супраць Югаславіі Рэспубліка Беларусь прыпыніла свой удзел у ПДМ.

С.​Г.​Іваноў.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР,

падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.​С.​Конеў (1955—60), А.​А.​Грэчка (1960—67), І.​І.​Якубоўскі (1967—76), В.​Г.​Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.

Літ.:

Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;

Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)