Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНАЯ КУ́ХНЯ,
установа, якая забяспечвае дзяцей груднога ўзросту спец. прыгатаванымі харч. прадуктамі: малочнымі сумесямі, стравамі для прыкорму і інш.; падраздзяленне дзіцячых паліклінік і бальніц. Паслугамі М.к. карыстаюцца пры адсутнасці ці недахопе мацярынскага малака, пры хваробах, якія патрабуюць спец. дыеты. Прадукты дзіцячага харчавання гатуюцца і выдаюцца па рэцэпце ўрача-педыятра. М.к. аснашчана абсталяваннем, што забяспечвае ўсе гігіенічныя ўмовы прыгатавання, разліву, захавання і водпуску ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПІНГ (англ. camping),
летні лагер для аўтатурыстаў з палаткамі або домікамі лёгкага тыпу і месцамі для стаянкі аўтамабіляў. Функцыянаванне К. заснавана на самаабслугоўванні турыстаў. Пастаяннымі збудаваннямі звычайна з’яўляюцца адм. блок з пунктам пракату быт. прадметаў, спальныя павільёны з пакоямі на 2—4 чал., кухня, душавыя, эстакады для агляду і мойкі аўтамабіляў. К. часам уключаюць сталовую, пральню, спарт. і танц. пляцоўкі, кіназал, аддз. сувязі, крамы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭ́ДЖ (англ. cottage першапачаткова — сялянскі дом),
вясковы ці гарадскі індывід. жылы дом з участкам зямлі. Планіровачнае вырашэнне арыентавана на стварэнне высокакамфортных умоў для пражывання. Яго архітэктуры ўласціва ўвага да дэтальнага аздаблення фасадаў і інтэр’ераў. Найчасцей бываюць 2-павярховыя з унутр. лесвіцай. На 1-м паверсе гасцёўня, кухня, гасп. і інш. памяшканні, на 2-м — спальні. К. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Англіі і сталі традыц. тыпам англ. жылля. Вельмі пашыраны ў ЗША, многіх еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.
У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.
2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТРімя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.
Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.