ІНДЫКІ́ СВО́ЙСКІЯ,

птушкі, якія паходзяць ад дзікага звычайнага індыка, пашыранага ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы. Мяса мае высокія дыетычныя і смакавыя якасці. На Беларусі гадуюць пераважна белую і бронзавую шыракагрудыя пароды.

Маюць моцныя доўгія ногі і шырокі хвост, кароткія і пукатыя крылы. На галаве і шыі скурныя ўтварэнні — «каралы», з верхняй ч. дзюбы самцоў звісае мясісты прыдатак Апярэнне густое, белае, чорнае, бронзавае і інш.; у самцоў на грудзях кутасік з доўгіх пёраў. Жывая маса дарослых самцоў 9—35 кг, індычак 4,6—11 кг.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш. інфекц. хвароб.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясчанкі: 1 — вялікая; 2 — персідская.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

Гамадрыл.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)