Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н Ілья Львовіч
(н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел.АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
горад у Расіі, цэнтр Курганскай вобл., на высокім левым беразе р. Табол (бас.р. Об). Засн. ў 1662 як умацаваная слабада Царова Гарадзішча, да 1782 Царова Слабада. 362,7 тыс.ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. (с.-г., трансп. і інш.), хім., харч., лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Навук. цэнтр аднаўленчай траўматалогіі і артапедыі. Рэсп. цэнтр клапаннай гастраэнтэралогіі. 3 ВНУ (ін-ты машынабуд., пед., с.-г.). 2 т-ры (драм., лялек). Краязнаўчы і маст. музеі. Дом-музей дзекабрыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.