Купена 5/477; 6/204

- » - лекавая 6/204 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЕ́НА, саламонава пячатка (Polygonatum),

род кветкавых раслін сям. спаржавых. Больш за 30 відаў (па інш. звестках, каля 50). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды: К. духмяная (P. odoratum, нар. назвы зязюліны ручнікі, пупнік, грыжнік) і К. шматкветная (P. multiflorum). Трапляецца ў хваёвых, мяшаных лясах, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым мясістым карэнішчам, на якім застаюцца круглыя ўціснутыя сляды леташніх парасткаў («пячаткі»). Лісце падоўжана-эліптычнае. Кветкі зеленавата-белыя, часам ружовыя, на звіслых кветаножках, адзіночныя ці ў гронках. Плод — ягада. Лек., дэкар. расліны.

Купена.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саламонава пячатка (род раслін), гл. Купена

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛКАВА́ННЕ,

1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.

2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)