Купальнік, гл. Арніка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬНІК, арніка (Arnica),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. горны (A. montana, нар. назвы гарнік, касцян, лясны цітун, баравы гваздзік), занесены ў Чырв. кнігу. Расце курцінамі на палянах, узлесках, балоцістых лугах. Як лек. сродак вядомы з 11 ст. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К. аблісцелы (A. foliosa) і К. Шамісо (A. chamissonis).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з апушанымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце суцэльнае або рэдказубчастае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Абгортка з зялёных лісцікаў, двухрадковая. Плод — граністая сямянка з чубком з перыстых валаскоў. Меданосныя, лек., дэкар. расліны.

Купальнік горны.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РНІКА,

род кветкавых раслін, гл. Купальнік.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБАТО́ЎСКАЕ,

біялагічны заказнік на тэр. Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны як заказнік-журавіннік для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на балоце верхавога тыпу Дубатоўка ў 1979. Пл. 720 га (1997). У заказніку 2 невял. возеры. Па краі балота пераважна асакова-пушыцава-сфагнавая расліннасць, бліжэй да цэнтра — асакова-пушыцава-кусцікавасфагнавая. На мінер. «астравах» у цэнтры трапляецца рэдкая ахоўная расліна — купальнік горны.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс. га.

Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДУХАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы ляснога масіву разнастайнай тыпалагічнай структуры з комплексамі рэдкіх, знікаючых і гаспадарча-карысных відаў раслін, жывёл і раслінных згуртаванняў. Пл. 1312 га. Карэнныя высокаўзроставыя дубровы, ельнікі, чорнаалешнікі, культуры таполі бальзамічнай, высокаўзроставыя бярэзнікі. 492 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя: купальнік горны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 19 відаў млекакормячых, 10 амфібій і паўзуноў, 88 птушак, у т. л. ахоўныя: барсук, сапсан, каршачок, падворлік малы, дзяцел зялёны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л. лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́НКА,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.

Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.

П.​Л.​Лабанок.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКАЛІ́НСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)