Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 18 — пач. 20 ст. Пабудавана да 1740 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), уваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра. Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым фасадам. Выразнасць збудавання стваралася пластыкай ліній паўкруглых крылаў трансепта і алтарнай апсіды, сферычнага купала са светлавым барабанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з цэглы ў цэнтры Оршы на правым беразе р. Аршыца. У 1842 пераўтвораны ў правасл. мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны арх. комплекс касцёла Апекі Маці Божай (3-нефавая крыжова-купальная 2-вежавая базіліка; знішчаны ў 1967) і жылога корпуса. Жылы корпус — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак з вальмавым дахам. Фасады падзелены прамавугольнымі вокнамі і плоскімі нішамі, вязкамі пілястраў у прасценках, руставанымі лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі. Абодва паверхі маюць галерэйную сістэму планіроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,
помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́ЙСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.
С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмаленка.
Лучайскі касцёл езуітаў.Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.
Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял.Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.
Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян. Галоўны фасад царквы (чарцёж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.К.Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.Д.Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.Педэці).
Т.В.Габрусь, У.А.Чантурыя.
Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.