ТАМЕРЛА́Н,

мянушка Цімура, якая ўжываецца ў еўрапейскай гістарыяграфіі; скажонае ад Цімур-ленг (цюрк. — кульгавы Цімур).

т. 15, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),

старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.​Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.​Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н Сяргей Пятровіч (25.9.1902, Масква — 22.6.1974),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Я.​Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСА́Ж (Lesage) Ален Рэнэ (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),

французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;

Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),

яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́Ў Іван Антонавіч (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),

бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА (Vélez de Guevara) Луіс (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),

іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.​Р.​Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБЕ́РА (Ribera; празваны Спаньялета, Spagnoletto) Хусепе дэ (17.2.1591, г. Хаціва, Іспанія — 2.9.1652), іспанскі жывапісец і гравёр, прадстаўнік караваджызму. Вучыўся, верагодна, у Ф.​Рыбальты ў Валенсіі. З 1613 у Італіі, у 1616—18 прыдворны жывапісец ісп. віцэ-каралёў у Неапалі. У ранніх творах (у т. л. ў афортах) пераважалі рэзкія святлоценявыя кантрасты, драм. сцэны пакутніцтва, у якіх падкрэсліваў перамогу волі над фіз. пакутамі («Пакутніцтва св. Варфаламея», 1624; «Сілен», «Св. Себасцьян і св. Ірына», абодва 1628; «Пустэльнік Павел», 1632), паўфігурныя выявы стараж. філосафаў, трактаваныя як простанародныя тыпажы («Дэмакрыт», 1630; «Дыяген», 1637). З сярэдзіны 1630-х г. пры захаванні агульнай суровасці вобразнага ладу перайшоў да большай ураўнаважанасці кампазіцыі і мяккасці святлаценю, у колеравай гаме пашырыліся залацістыя або серабрыстыя адценні: «Св. Ануфрый», «Апалон і Марсій» (абодва 1637), «Пакланенне пастухоў» (1638), «Пакутніцтва св. Філіпа», «Сон Іакава» (абодва 1639), «Святая Інеса» (1641), «Храманожка» («Кульгавы хлопчык», 1642) і інш.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Х.​Рибера. 3 изд. М., 1982.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х. дэ Рыбера. Апалон і Марсій. 1637.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГА́ЦКІЯ Аркадзь Натанавіч (28.8.1925, г. Батумі, Грузія — 12.10.1991) і Барыс Натанавіч (н. 15.4.1933, С.-Пецярбург),

рускія пісьменнікі-фантасты, браты, сааўтары. Аркадзь С. скончыў Ваен. ін-т замежных моў у Маскве (1949). Працаваў рэдактарам. Барыс С. скончыў Ленінградскі ун-т (1955). Працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі. Друкуюцца з 1957. Навук.-фантастычныя аповесці «Краіна барвовых хмараў» (1959), «Цяжка быць богам» (1964), «Панядзелак пачынаецца ў суботу. Казка для навуковых супрацоўнікаў малодшага ўзросту» (1965), «Смоўж на схіле» (1966—68), «Пікнік на абочыне» (1972), «За мільярд гадоў да канца свету» (1976—77), «Кульгавы лёс» (1986), зб. апавяд. «Шэсць запалак» (1960), цыкл лірычных навел «Вяртанне» (1962), раман «Горад асуджаны» (1988—89) і інш. пра шляхі развіцця цывілізацыі і ролі асобы ў грамадстве. Іх прозе ўласцівы псіхалагізм, «рэалістычнасць» дэталей фантаст. свету, гратэск, гумар. П’еса С. «Жыды горада Піцера, або Невясёлыя гутаркі пры свечках» пастаўлена ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа і Магілёўскім абл. драм. т-ры (абодва 1991).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—11. Донецк;

СПб., 2000—01.

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)