МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Крыўляка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАВА (Наталія Раманаўна) (н. 21.11.1940, С.-Пецярбург),

артыстка балета. Засл. арт. Расіі (1969). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1959). З 1959 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. З 1970 у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Йорк), у 1972—89 адначасова ў Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. Для яе творчасці характэрны унікальная пластычнасць, дасканалае майстэрства, вонкавая вытанчанасць і ўнутр. тэмперамент. Сярод партый: Адэта—Адылія, прынцэса Фларына і Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Крыўляка і Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Манон («Манон Леско» на муз. Ж.​Маснэ), Таццяна («Анегін» на муз. Чайкоўскага), у мініяцюры «Святло Месяца» на муз. К.​Дэбюсі. Выступае як балетмайстар, драм. актрыса, у т. л. ў спектаклі «Двое на арэлях» У.​Гібсана ў Т-ры Р.​Вікцюка. Ёй прысвечаны тэлефільмы «Асалюта» (1978), «Наташа» (1985), «Вяртанне Макаравай», «Ленінградская легенда» (абодва 1989; усе Вялікабрытанія). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1965), прэмія імя Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Аўтар прац па праблемах харэаграфічнага мастацтва, аўтабіяграфіі (1979).

Літ.:

Красовская В. Н.​Макарова // Ленинградский балет сегодня. Л.;

М., 1967. Вып. 1;

Н.​Макарова: Восемнадцать лет спустя. М., 1993;

Clarke M., Crisp C. Ballerina: The art of women in classical ballet. London, 1987.

Н.Макарава ў мініяцюры «Святло Месяца» на музыку Дэбюсі.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)