КРЫ́СА (Алег Васілевіч) (н. 1.6.1942, с. Малыя Уханы, Польшча),

украінскі і рас. скрыпач, педагог. Засл. арт. Украіны (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965, клас Д.Ойстраха). У 1968—73 выкладчык Кіеўскай, з 1975 Маскоўскай кансерваторый. Выступае як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца многіх твораў сучасных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Н.​Паганіні (Генуя, 1963, 1-я прэмія), імя Г.​Вяняўскага (Познань, 1962; Манрэаль, 1969), імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1966). З 1990-х г. за мяжой.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,

бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчына ў мотальскім кажуху.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЙСТРАХ (Давыд Фёдаравіч) (30.9.1908, г. Адэса, Украіна — 24.10.1974),

расійскі скрыпач, педагог, дырыжор; адзін з заснавальнікаў рас. скрыпічнай школы. Бацька І.Д.Ойстраха. Нар. арт. СССР (1953). Ганаровы чл., чл.-кар. многіх буйнейшых акадэмій і ун-таў. Скончыў Адэскі муз.-драм. ін-т (1926). З 1932 (з перапынкам) саліст, з 1961 і дырыжор Маскоўскай філармоніі. З 1935 выступаў у фп. трыо з Л.Аборыным і С.Кнушавіцкім. З 1934 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1939 праф., з 1950 заг. кафедры). Яго ігру вызначалі віртуозная тэхніка, чысціня інтанацыі, спалучэнне задушэўнага лірызму з мужным валявым пачаткам. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Першы выканаўца прысвечаных яму твораў Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, М.​Мяскоўскага, А.​Хачатурана. Рэдактар скрыпічных твораў, аўтар транскрыпцый, кадэнцый і пералажэнняў для скрыпкі і фп. твораў многіх кампазітараў. Аўтар аўтабіягр. нататак «Мой шлях» (1958). Старшыня журы Міжнар. конкурсаў імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1958—74). Сярод вучняў Л.​Ісакадзе, В.​Клімаў, А.​Крыса, І.​Ойстрах, В.​Пархоменка, В.​Пікайзен і інш. Лаўрэат Усеўкр. конкурсу скрыпачоў (Харкаў, 1930), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Ленінград, 1955), Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Г.​Вяняўскага (Варшава, 1935), імя Э.​Ізаі (Брусель, 1937). Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Юзефович В.А. Д.​Ойстрах. М., 1978;

Яго ж. Д.​Ойстрах: Беседы с И.​Ойстрахом. М., 1985.

Д.Ф.Ойсграх.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКА-КАМЯНЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах. Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязкова), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля з глыбокім разрэзам пазухі і высокім стаяча-адкладным каўняром; уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі пальметамі (зоркамі, кветкамі) уздоўж ніжняй дамінуючай паласы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полкі белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю. Гарсэт з чорнай шарсцянкі аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай — зрэзы верхняга крыса, проймаў і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суровага палатна або пярэстай паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, кажухі і інш.

М.​Ф.​Раманюк.

Ваўкавыска-камянецкі строй. Жанчыны ў летнім адзенні. Вёска Мікалаева Камянецкага раёна.

т. 4, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)