Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА,
бел.традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.
Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА (Алесь) (сапр.Асіпенка Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.5.1943, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1989). Плаваў матросам на траўлеры на Поўначы. У 1967—71, 1972—78 і з 1990 працуе ў прэсе. Друкуецца з 1965. Аўтар аповесцей «Я вярнуся да цябе, мора!» (1965), «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1973), «Чайкі над полем» (1978), кн. для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987). Піша пра маракоў Запаляр’я, меліяратараў Палесся, чарнобыльскія праблемы, пытанні сучаснага жыцця.