Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,
рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.
К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСЧА́ТКА,
дарожна-будаўнічы матэрыял з трывалых горных парод (граніт, дыябаз, базальт і інш.). Мае выгляд брускоў (даўж. 15—30, шыр. 12—15, выш. 10—15 см). Вырабляюць на каменедрабільных машынах з выраўноўваннем правай грані і краёў. Выкарыстоўваюць для брукавання плошчаў і вуліц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗБУКІН (Мікалай Васілевіч) (1894, Бабруйск — 24.11.1943 ?),
бел. географ, краязнавец. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1917 выкладаў у Бабруйскай гімназіі, у 1921—30 на кафедры геаграфіі Інбелкульта і АН Беларусі. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху на Беларусі, чл.Цэнтр. бюро краязнаўства пры АН Беларусі. Асн. працы па геаграфіі Беларусі і інш. краін: «Геаграфія Еўропы» (1924), «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў» (у сааўт.), «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» і інш. У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕГА́ЦЫЯ (Menegazzia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 30 відаў. Пашыраны пераважна ў гарах Еўразіі, Амерыкі, Аўстраліі. На Беларусі 1 від — М. прадзіраўленая (M. pertusa, або M. terebrata), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ствалах і галінках дрэў, бураломе.
Слаявіна разеткападобная, дыям. 5—15 см, зверху шаравата-зялёная, гладкая, з акруглымі шматлікімі дзіркамі, знізу чорная, складкаватая, бліжэй да краёў святлейшая. Лопасці глыбоканадрэзаныя з хвалістым краем. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (сарэдыямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ ПО́ЎНАЧ,
частка тэр. ў Рас. Федэрацыі, размешчаная пераважна на Пн ад Палярнага круга (66°33′паўн. ш.). Уключае арктычную ледзяную зону, тундру, лесатундру і частку тайгі. Характарызуецца вельмі суровымі кліматычнымі ўмовамі і адносна слабай заселенасцю. Карэннае насельніцтва складаюць т.зв. малыя народы Поўначы. У адм. адносінах да раёнаў К.П. адносяць: Якуцію, Магаданскую, Камчацкую, Мурманскую (за выключэннем г. Кандалакша з прылеглай тэрыторыяй) вобласці, асобныя раёны і гарады Рэсп. Комі, Архангельскай, Цюменскай, Іркуцкай і Сахалінскай абласцей, Краснаярскага і Хабараўскага краёў, а таксама астравы Паўн. Ледавітага ак. і яго мораў; астравы Берынгава і Ахоцкага м. Шэраг мясцовасцей у Бураціі, Томскай, Чыцінскай і Амурскай абласцях, Прыморскім краі, якія знаходзяцца ў суровых кліматычных умовах, прыраўнаваны да раёнаў К.П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЛІ́ТЫ (ад мікра... + грэч. lithos камень),
у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс.км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.