МАРСКІ́Я КО́ЦІКІ,

2 роды вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Паўн. М.к. (Callorhinus) прадстаўлены відам С. ursinus, паўд. М.к. (Arctocephalus) — 6 відамі (часам вылучаюць да 9). Паўн. М.к. пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак., паўд. — ва ўмераных і ўмерана-халодных водах Паўд. паўшар’я; 1 від — на а-вах Галапагас. Рэгулярна мігрыруюць. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў да 2,1 м, маса да 300 кг, самак адпаведна да 1,5 м і 65 кг. Самцы (секачы) цёмна-бурыя, самкі — шаравата-карычневыя. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У час размнажэння ўтвараюць логавішчы. Палігамы, у гарэме да 50 самак. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці. Аб’ект промыслу (каштоўнае футра).

Марскі коцік паўночны.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад бі... + грэч. polos полюс) у экалогіі, геаграфічнае пашырэнне жывых арганізмаў адзінага віду ў халодных і ўмераных шыротах абодвух паўшар’яў (напр., мідыі, акулы, анчоўсы, кількі, коцікі, кіты, сардзіны, вушастыя цюлені, шэрыя дэльфіны і інш.) і іх адсутнасць у трапічным поясе.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзьмухавец лекавы.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЧА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнУ азіяцкай ч. Расійскай Федэрацыі; займае п-аў Камчатка і частку мацерыка, а-вы Камандорскія і Карагінскі. Утворана 20.10.1932 у складзе Хабараўскага краю, з 1956 самаст. вобласць Расіі. Пл. 472,3 тыс. км², нас. 411 тыс. чал., гарадскога 81% (1996). Цэнтр — г. Петрапаўлаўск-Камчацкі.

Гарады: Елізава, Усць-Камчацк. У складзе К.в. Каракская аўтаномная акруга. Характарыстыку прыроды гл. ў арт. Камчатка.

Гаспадарка. К.в. — буйны рыбапрамысловы раён Расіі. Зах. ўзбярэжжа Камчаткі — асн. раён крабалоўства. Рыбная прам-сць дае да 73 таварнай прадукцыі вобласці. Прамысл. рыбы — ціхаакіянскі селядзец, траска, навага, камбала, ласасёвыя (гарбуша, кета, чавыча, кіжуч, нерка). З рыбнай прам-сцю звязаны суднабудаванне і суднарамонт. Развіты лясная, дрэваапр. і буд. матэрыялаў (лесанарыхтоўка, піламатэрыялы, тарныя скрыні, бочкі і інш.). Здабыча вугалю. Паўжэцкая геатэрмальная электрастанцыя. Важная галіна гаспадаркі — пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка), на Пн вобласці аленегадоўля. На Камандорскіх а-вах зверабойны промысел (марскія коцікі). Малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Плошча с.-г. угоддзяў 472,3 тыс. га, у т. л. пад ворывам 75,6 тыс. га. У далінах рэк Камчатка, Авача вырошчваюць агародніну, бульбу, кармавыя культуры. Развіта цяплічная і парніковая гаспадарка. Транспарт марскі, авіяцыйны і аўтамабільны. Суднаходства на р. Камчатка. Аўтадарога злучае гал. марскія парты К.в. Петрапаўлаўск-Камчацкі і Усць-Камчацк. Краноцкі запаведнік. Бальнеалагічныя курорты: Паратунка, Начыкі.

В.​М.​Корзун.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)