БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,

транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БЛІ,

1) прылада для зграбання сена, саломы, выграбання каласкоў і цёртай саломы з зерневай кучы і інш. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Складаюцца з галоўкі з 8—14 зубамі і гладкай ручкі (грабільна). Зубы (даўж. 7—10 см) выразалі пераважна з дубу, ясеню, грабу і забівалі ў адтуліны галоўкі. У наш час выкарыстоўваюць граблі з метал. ці пластмасавымі галоўкамі.

2) Прычапныя або навясныя с.-г. машыны для зграбання скошанай травы ў валкі, варушэння травы ў пракосах і пераварочвання валкоў для паскарэння сушкі, а таксама для зграбання саломы.

Адрозніваюць граблі: папярочныя (утвараюць валок сена ўпоперак напрамку руху агрэгата), бакавыя колава-пальцавыя (складаюцца з 2 секцый, якія пры зграбанні сена ў валок устанаўліваюць вуглом назад, пры варушэнні — вуглом уперад, пры пераварочванні працуе адна секцыя); ратацыйныя (складаюцца з 2 ротараў са зменнымі граблінамі для зграбання і пераварочвання сена, варушэння і раскідвання валкоў). Шырыня захопу да 14 м, рабочая скорасць да 12 км/гадз. Агрэгатуюцца з любым трактарам.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)