Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Цякава-Койтава (радовішча даламітаў, Віцебскі р-н) 3/129
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,
сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),
сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКО́ (Іван Якімавіч) (н. 22.2.1932, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Гал. месца ў творчасці займаюць тэмы Вял.Айч. вайны, мірнай працы, касманаўтыкі, спорту, навукі і культуры. Творы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, лаканізмам і строгасцю пластычнай мовы, прыўзнята-рамантычным ладам. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.Кулеша (1960), Героя Сав. Саюза Г.М.Халасцякова (1979), дзярж. дзеячаў С.В.Прытыцкага (1982), П.К.Панамарэнкі (1983), дзеячаў бел. культуры Ф.Мадорава (1967), Р.Шырмы (1968, 1984), Я.Цікоцкага (1970), Я.Маўра (1972), В.Таўлая (1978), С.Станюты (1982), Ф.Скарыны (1992), Н.Лежэ (1993), В.Роўды (1997), М.Аўрамчыка, Ю.Іванова, А.Лойкі (усе 1999), касманаўтаў Ю.Гагарына (1968), П.Клімука (1978), У.Кавалёнка (1980), бел. алімпійскіх чэмпіёнаў А.Бяловай (1983), А.Мядзведзя (1984), студэнткі (1990) і інш., кампазіцый «2001 год» (1978—94), «Да зорак», «У будучыню» (абедзве 1994), «Космас», «Рэпартаж з космасу» (абедзве 1999). Сярод манум. твораў: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975, з А.Заспіцкім і М.Рыжанковым), помнікі Герою Сав. Саюза І.Кабушкіну ў Баранавічах (1973), І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1976), М.Горкаму ў Мінску (1981), І.Рэпіну ў Здраўневе каля в.Койтава Віцебскага р-на (1990). Дзярж. прэмія СССР 1977.