Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),
1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.
2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Генетычнага кода трыплетнасць 3/428
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Такін Кода Хмайн 2/337; 7/183
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Э.В.Крупнова.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́РАВАННЕ ў кібернетыцы,
пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.Э.Шэнанам (1950-я Г.).
У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМ найб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.
М.П.Савік.
т. 7, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕРФАРА́ТАР (ад рэ... + перфаратар),
тэлеграфнае прыстасаванне для аўтам. прабівання адтулін у папяровай стужцы ў адпаведнасці са знакамі кода тэлеграфнага, якія паступаюць ад тэлегр. перадатчыка. Выкарыстоўваецца разам з трансмітэрам для аўтам. перадачы транзітных тэлеграм.
т. 14, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),
1) тое, што мнемоніка.
2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДО́Н, трыплет,
паслядоўнасць трох азоцістых асноў у малекуле нуклеінавых кіслот, якая вызначае размяшчэнне пэўнай амінакіслаты ў малекуле бялку пры яго сінтэзе; элементарная адзінка генетычнага кода. 4 азоцістыя асновы (адэнін, гуанін, цытазін, тымін у ДНК і урацыл замест тыміну ў РНК) у камбінацыі па тры могуць утвараць 64 К., з якіх 61 кадзіруе ўключэнне 20 амінакіслот, а 3 служаць «кропкамі», што заканчваюць працэс сінтэзу поліпептыду. Паслядоўнасць К. ў гене вызначае паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдным ланцугу бялку, які кадзіруецца гэтым генам.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАЎ ((Gamow) Джордж) (Георгій Антонавіч; 4.3.1904, г. Адэса, Украіна — 20.8.1968),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН (1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). З 1928 працаваў у Гётынгене, Капенгагене, Кембрыджы, з 1931 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це. З 1934 у ЗША; праф. ун-та Дж.Вашынгтона, з 1956 — ун-та штата Каларада. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, касмалогіі, біялогіі і гісторыі фізікі. Распрацаваў тэорыю альфа-распаду. Выказаў гіпотэзу пра гарачы Сусвет (1946), прапанаваў тэорыю ўтварэння хім. элементаў і першую мадэль генетычнага кода.
т. 5, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)