Код 4/373; 5/208, 287; 6/46; 9/471; 11/393

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КОД у бухгалтэрыі,

умоўная лічбавая адзінка рахунка бухгалтарскага ўліку для аблягчэння бухгалтарскіх запісаў. Сінтэтычныя рахункі звычайна кадзіруюць двухзначнымі лічбамі ад 01 да 99, а субрахункі — трохзначнымі (першыя 2 лічбы абазначаюць нумар сінтэтычнага рахунка, а трэцяя — субрахунка).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОД (франц. code ад лац. codex збор законаў),

сістэма ўмоўных знакаў (сімвалаў) для перадачы, апрацоўкі і захоўвання (запамінання) інфармацыі. Канечная паслядоўнасць кодавых знакаў наз. словам. Бывае К. раўнамерны (словы маюць аднолькавую даўжыню — лік элементаў) і нераўнамерны (розны лік элементаў, напр., К.​Морзе).

Выбар К. вызначаецца ўмовамі перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, эфектыўным выкарыстаннем канала сувязі, забеспячэннем перашкодаўстойлівасці перадачы і інш. (гл. Кадзіраванне). К. у вылічальнай тэхніцы — сістэма ўмоўных знакаў для адлюстравання інфармацыі ў ЭВМ. Фіз. форма К. залежыць ад носьбіта інфармацыі, (напр., на перфакартах гэта спалучэнне прабітых і непрабітых участкаў, на магн. носьбітах (дысках, стужках, барабанах) — выбарачнае намагнічванне ўчасткаў. Найб. пашыраныя двайковыя пазіцыйныя К. (гл. Двайковая сістэма лічэння). Для спрашчэння алгарытмаў выканання арыфм. аперацый выкарыстоўваюць К. прамы (напр., у запамінальных прыладах), адваротны (дапаўненне да 1) і дадатковы (дапаўненне да 2; выкананне арыфм. ці інш. аперацый над лікамі).

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Генетычны код 2/349; 3/426, 427, 428, 499; 5/28; 6/579; 7/322; 10/7

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КОД ТЭЛЕГРА́ФНЫ,

прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).

Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб. пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

штрыхавы код

т. 17, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.​Крык і С.​Брэнер, М.​Нірэнберг, С.​Ачоа, Х.​Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КОД ТАВА́РАЎ,

гл. ў арт. Штрыхавы код.

т. 10, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЗЕ ((Morse) Сэмюэл Фінлі Брыз) (27.4.1791, г. Чарлстаўн, штат Масачусетс, ЗША — 2.4.1872),

амерыканскі мастак і вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Адзін з заснавальнікаў і першы прэзідэнт Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1826—45). У 1837 вынайшаў электрамех. тэлегр. апарат (гл. Морзе апарат), у 1838 распрацаваў для яго тэлегр. код (азбука М.; гл. ў арт. Код тэлеграфны).

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),

прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).

Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2​n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш. Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)