ВЕРЖЭ́Н (Vergennes) Шарль Граўе дэ

(28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭНТА́НА

(Brentano),

Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт. Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).

Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб. ням. нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.А.Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

рус. пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;

[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;

Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;

Поэзия немецких романтиков. М., 1985.

Літ.:

Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́Ў

(лац. archivum),

1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.

2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.

Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч. гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар. час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц. Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б. Цэнтр. дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б. Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.

На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.Х.Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМ БССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр. дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац. гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел. дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.

Літ.:

Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

А.М.Міхальчанка (архівы Беларусі).

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)